У ДУА “Мышкавіцкая сярэдняя школа” есць добрая традыцыя праводзіць свята “Гуканне Вясны”. Вось і ў шосты школьны дзень 27 лютага з мэтай адраджэння і ўзнаўлення старадаўніх звычаяў, вучні 5-8 класаў прынялі актыўны ўдзел ў правядзенні свята.
З першых сакавіцкіх дзён і пачынаўся ў старажытнасці цыкл веснавых святаў.
У веснавы цыкл на Беларусі ўваходзілі наступныя абрады: закліканне вясны, велікодны, валачобны, юр’еўскі, куставы, сяміцкі, троіцкі, русальны тыднi.
Вучні сёмых класаў падрыхтавалі цікавую праграму, якую адкрылі скамарохі з запрашэннем на свята. Маці Алена блаславіла дзяцей, Іванку, Ганначку і Марыльку “Зіму замыкаці, вясну сустракаці”, дала ім печыва ў выглядзе жаўранкаў, “Ідзіце на высокія мясціны, уверх і падкідвайце жаўранкаў, каб птушкі ўбачылі, да нас прыляцелі, на сваіх крыльцах Вясну прынеслі”.
Дзеці падкідвалі печыва, гукалі Вясну. Вельмі запамінальны выхад Вясны: з вершамі, загадкамі, з зернем, пажаданнем дабрабыту “Каб кароўкі здаровыя, дамоў вярталiся, ды дарогi не забывалiся. Куркi яечкi неслi”. Адным з персанажаў свята была Зіма, якая не жадала ўстуціць Вясне, доўга “сыпала снег”, але ўсёж з дапамогай дзяцей, перамагла Вясна. На працягу свята удзельнікі і гледачы вадзілі карагод, гулялі ў гульні “Ручаёк”, “Запляці пляцень”, пелі народныя песні.
Завяршылася свята пачастункамі з печыва: блінамі з варэннем, пышкамі, аладкамі з гарачым чаем.
Усе атрымалі прыемную асалоду ад свята і гульняў.