У Беларусі алімпіяда па вучэбных прадметах з’яўляецца важнай часткай адукацыйнага працэсу. Яна дапамагае вучням раскрыць свой патэнцыял, дасягнуць поспехаў і імкнуцца да новых вяршынь у галіне ведаў і дасягненняў. У жыцці многіх школьнікаў – гэта важная падзея. Алімпіяда дае ім магчымасць праявіць свае веды, навыкі і здольнасці па розных вучэбных прадметах, таксама яна спрыяе фарміраванню асобасных якасцяў, такіх як мэтанакіраванасць, настойлівасць, упэўненасць у сабе і павага да ведаў.
У перыяд вясенніх канікулаў з 25 па 30 сакавіка праходзіць раённая алімпіяда па вучэбных прадметах сярод вучняў 4–9 класаў. Па інфармацыі вучэбна-метадычнага кабінета, заяўкі на ўдзел у алімпіядзе падалі 389 вучняў (у 2023 годзе – 353) з 10 устаноў адукацыі.
Найбольш папулярнымі ў школьнікаў сёлета аказаліся руская мова і літаратура і беларуская мова і літаратура, дзе за прызавыя месцы і заахвочванні спаборнічаюць 57 і 47 вучняў адпаведна, матэматыка – 37 (з улікам, што ў алімпіядзе па гэтым прадмеце ўдзельнічаюць толькі вучні 4–7 класаў), англійская мова (34), біялогія (29), нямецкая мова (28), фізічная культура і здароўе (27).
Алімпіяда праходзіць на базе СШ №1 г.Кіраўска, дзе створаны камфортныя ўмовы для таго, каб яе ўдзельнікі змаглі паспяхова выступіць, прадэманстраваўшы свае веды, а таксама практычныя навыкі і ўменні, неабходныя пры выкананні заданняў.
Жадаем усім удзельнікам алімпіяды ўпэўненасці ў сабе, верных рашэнняў і адказаў!